У Брэсце мясцовыя жыхары прапануюць змяніць моўнае афармленне грамадскага транспарту.
Чытайце таксама: Беларуская мова ў дзіцячых садках Брэста: колькі дзяцей выхоўваюцца па-беларуску?
Аўтары звароту да гарадскіх уладаў звярнулі ўвагу на тое, што электронныя табло і сістэмы гукавога апавяшчэння ў гарадскім транспарце цяпер выкарыстоўваюць расейскую мову, і прапанавалі вярнуць туды беларускую.
Брэстчане прапануюць выкарыстоўваць беларускую мову таксама пры абвяшчэнні прыпынкаў, на маршрутных указальніках і ў іншых сістэмах інфармавання пасажыраў.
«Беларуская мова фактычна не выкарыстоўваецца»
Аўтары звароту адзначаюць, што сёння назвы прыпынкаў, маршрутаў і іншая інфармацыя на электронных табло Брэста адлюстроўваюцца па-расейску. На той жа мове, паводле іх, працуюць і сістэмы гукавога апавяшчэння ў грамадскім транспарце.
У звароце прапануецца не адмаўляцца ад расейскай мовы, а зрабіць транспартнае інфармаванне двухмоўным.

Асобна звяртаецца ўвага на гукавыя абвесткі. Для незрячых і слабавідушчых пасажыраў яны маюць практычнае значэнне, бо могуць быць асноўнай крыніцай інфармацыі пра маршрут і прыпынак.
Аўтары таксама згадваюць школьнікаў і студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову, пажылых жыхароў і людзей з вёсак Брэсцкага раёна, для часткі якіх беларуская застаецца мовай паўсядзённага выкарыстання.
Чытайце таксама: У Клімавічах беларуская мова знікла з грамадскага транспарту
Спасылка на статус дзяржаўных моў
У звароце аўтары спасылаюцца на 17-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, паводле якога дзяржаўнымі мовамі краіны з’яўляюцца беларуская і расейская.
Таксама яны звяртаюць увагу на Закон «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў». Паводле прыведзеных у звароце нормаў, назвы геаграфічных аб’ектаў у Беларусі прысвойваюцца на беларускай мове, пасля чаго перадаюцца на расейскую шляхам транслітарацыі.

Асобна згадваецца, што да паўнамоцтваў гарадскіх выканаўчых камітэтаў адносіцца прысваенне і перайменаванне назваў прыпынкаў на маршрутах рэгулярных пасажырскіх перавозак. Жыхары Брэста робяць з гэтага выснову, што назва прыпынку не з’яўляецца проста тэхнічным надпісам у транспартнай сістэме. Яна мае афіцыйны статус і павінна выкарыстоўвацца ў адпаведнай форме.
Яны таксама спасылаюцца на Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў №147 ад 31 сакавіка 2026 года. У прыведзеным у звароце пункце гаворыцца, што маршрутныя паказальнікі, у тым ліку электронныя табло, павінны ўтрымліваць нумар маршруту і (або) назвы канчатковых прыпынкаў.
Чытайце таксама: Праўладны блогер заявіў, што дыскрымінацыі беларускай мовы няма — у TikTok яму запярэчылі
Замена табло для гэтага не патрэбная?
Яшчэ адзін аргумент аўтараў — тэхнічны.
Яны лічаць, што мова, на якой паказваюцца назвы прыпынкаў і маршрутаў, залежыць ад праграмных налад сістэмы інфармавання пасажыраў. Таму для дадання беларускай мовы, на іх думку, не трэба мяняць самі электронныя табло, аўтаінфарматары або транспарт.
Замест гэтага адпаведныя змены можна было б унесці падчас абнаўлення або наладкі праграмнага забеспячэння.
У звароце прапануецца, напрыклад, паказваць назвы бягучага і наступнага прыпынкаў па-беларуску і па-расейску па чарзе, выкарыстоўваць беларускія назвы на знешніх маршрутных указальніках і зрабіць гукавыя абвесткі двухмоўнымі.
Таксама прапануецца ўлічваць моўнае пытанне пры будучых закупках і мадэрнізацыі сістэм інфармавання.
Гэта не першая скарга на адсутнасць беларускай мовы ў транспарце Брэста
Раней BGmedia ўжо распавядала пра тое, што жыхары Брэста ўжо скардзіліся на адсутнасць беларускай мовы ў грамадскім транспарце. Жыхар горада звярнуў увагу на электроннае табло ў тралейбусе, дзе інфармацыя адлюстроўвалася толькі па-расейску.
Публікацыя выклікала абмеркаванне ў сацсетках. Адныя людзі пісалі: «Вярніце мне маю родную мову». Іншыя пыталіся, чаму беларуская мова знікла з транспартнай інфармацыі.

У каментарах таксама параўноўвалі сітуацыю ў Брэсце з Мінскам, дзе, паводле словаў карыстальнікаў, інфармацыя ў транспарце можа паказвацца па чарзе на беларускай і расейскай мовах.
Цяпер аўтары новага звароту прапануюць афіцыйна вярнуць беларускую мову ў электронныя сістэмы інфармавання пасажыраў.
Чытайце таксама: У шклоўскай калоніі палітвязняў караюць за беларускую мову
Што просяць зрабіць улады Брэста
У звароце сфармулявана некалькі канкрэтных прапаноў. Сярод іх — вярнуць беларускую мову ў электронныя табло і сістэмы гукавога апавяшчэння, выкарыстоўваць яе разам з расейскай пры перадачы інфармацыі пра прыпынкі і маршруты, а таксама забяспечыць яе прысутнасць на іншых элементах транспартнай інфраструктуры.
Акрамя таго, аўтары хочуць атрымаць адказ, якім рашэннем гарвыканкама былі прысвоены назвы прыпынкам грамадскага транспарту, у якой форме яны афіцыйна ўлічваюцца і чаму ў электронных сістэмах цяпер выкарыстоўваецца толькі расейскі варыянт.
У канцы звароту просяць паведаміць пра прынятае рашэнне, тэрміны магчымых работ і адказных за іх выкананне.
Чытайце таксама: Прапагандыст узгадаў забарону беларускай мовы. Але толькі з боку палякаў
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: