Няўжо магчыма не радавацца вызваленню з турмы? Так бывае, калі вызваленне — гэта адначасова і выдварэнне з краіны. Калі яно адбываецца ўсяго на тры месяцы раней за афіцыйнае сканчэнне тэрміну зняволення. А яшчэ — калі цябе вывозяць за мяжу, а твая душа і сэрца, тата і дом гэтак і застаюцца ў родным горадзе, дзе прайшло ўсё жыццё. PolitzekTimes паразмаўляў з былой палітзняволенай Ларысай Шчыраковай пра нежаданне прывыкаць да новай краіны і чаканне абавязковага вяртання ў Беларусь. Фонд салідарнасці BYSOL працягвае грашовы збор для Ларысы, падтрымаць яе можна па спасылцы.
Гамельчанку Ларысу Шчыракову не раз затрымлівалі па адміністрацыйных справах — такая няпростая прафесія беларускай журналісткі. Дбаючы пра бяспеку, у 2021 годзе Ларыса сышла з прафесіі і занялася этнафатаграфіяй. Але ўлады не даравалі ёй мінулай працы. У 2023 годзе Ларысу Шчыракову судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нібыта за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыю Беларусі».
Ёй прысудзілі тры з паловай гады калоніі і штрафы. У верасні 2025 года ў складзе групы з пяцідзесяці двух палітзняволеных Ларысу прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву. Яна апынулася ў іншай краіне, хаця марыла выйсці на волю і проста пайсці дадому. Сваё вызваленне яна ўспрымае як дадатковае пакаранне. Марыць пра родны горад, жыве блізка ад беларускай мяжы і ладзіць этнафотасесіі.

Чытайце таксама: «Я из Беларуси не выезжала, меня выгнали». Как экс-политзаключенная Наталья Малец начинает жизнь в 65 лет в Польше
«Значыць, трэба тое перажыць»
На пытанне пра свой настрой Ларыса адказвае без асаблівага аптымізму, але і без роспачы: «Настрой у мяне не самы добры, але стаўленне да жыцця засталося ранейшым. Я ніколі не занурваюся ў негатыў. У любой, нават кепскай сітуацыі, стараюся знайсці нешта добрае».
Гэты жыццёвы прынцып дапамагаў гераіне як на волі, так і за кратамі. Яна кажа, што заўсёды была аптымісткай: «Жыццё працягваецца нават у турме, таму не варта зацыклівацца на цяжкіх перажываннях. Трэба шукаць сэнс у тым, што адбываецца, і жыць тут і цяпер. Жыццё адно. Няма сэнсу яго марнаваць».
Асобнае месца ў жыццёвай філасофіі Ларысы займае хрысціянскае разуменне пакоры: «Я сфармулявала для сябе такія жыццёвыя правілы, якія дапамагалі зніжаць узровень стрэсу. Калі ты знаходзішся ў турме і нічога не можаш змяніць, проста трэба прыняць гэтую сітуацыю. Не факусуйся на негатыўных наступствах, не займайся самаедствам. Проста прымі».
Ларыса расказвае, што не траціць сілы на тое, што знаходзіцца па-за межамі яе кантролю. А ў калоніі, калі адбываліся канфлікты ці нехта паводзіў сябе агрэсіўна, яна імкнулася не надта ўцягвацца эмацыйна.
«Я казала сабе: значыць, цяпер так. Значыць, трэба гэта перажыць. У турме я пазнаёмілася з вельмі прыстойнымі людзьмі. І я кажу не толькі пра палітычных зняволеных, хоць перадусім, вядома, пра іх. Гэта жанчыны высокай культуры і маральнасці. Менавіта ў такой канцэнтраванай форме я ўбачыла адукаваных, годных асобаў. Мне вельмі прыемна, што яны былі ў маім жыцці», — гаворыць беларуска.

Журналістыка ў калоніі
У зняволенні Ларыса прачытала кнігу Віктара Франкла «Сказаць жыццю ТАК». Гэтая кніга зрабіла на яе моцнае ўражанне: «Пасля гэтай кнігі я сфармулявала для сябе правіла: ШУКАЙ СЭНС. Гэта дапамагло Франклу выжыць ва ўмовах канцэнтрацыйнага лагера, і яно дапамагала і мне. Я не ўспрымала час у калоніі як марны».
На зоне жанчына працягвала назіраць, аналізаваць і даследаваць рэчаіснасць. Такім чынам, пошук сэнсаў у тым, што робіцца навакол, стаў яе спосабам захаваць сябе.
«Ведаеце, я нібыта працягвала займацца журналістыкай. Так, я не магла публікавацца, але я вельмі ўважліва назірала за тым, што адбываецца. Назірала за пенітэнцыярнай сістэмай знутры і думала пра тое, што ў ёй можна змяніць.
Цяпер я маю ўласнае ўяўленне. Я магу разважаць пра гэтую сістэму як чалавек, які бачыў усё знутры. Цяпер я шукаю інфармацыю пра тое, як такія сістэмы вывучаюцца і функцыянуюць у заходніх краінах, бо, безумоўна, нашу сістэму трэба рэфармаваць. Яна вельмі архаічная», — тлумачыць жанчына.
Турма — люстэрка грамадства
Ларыса кажа, што добрага ў турме няшмат. Але гэты досвед дазволіў ёй пабачыць беларускую рэчаіснасць у вельмі канцэнтраваным выглядзе:
«Знаходзячыся ў турме, я прачытала кнігу Дэвіда Майерса «Сацыяльная псіхалогія». Я даўно цікаўлюся псіхалогіяй, да арышту нават паступіла ў магістратуру па гэтай спецыяльнасці. Таму для мяне такі досвед стаў яшчэ і своеасаблівым псіхалагічным эксперыментам, глыбокім пагружэннем у вывучэнне чалавечых паводзін.
Мне здавалася, што я трапіла ў асяроддзе, дзе магу назіраць і вывучаць розныя сацыяльныя з’явы. А іх было вельмі шмат».
Ларыса расказвае, якім важным для яе стаў досвед назірання за сацыяльнымі праблемамі, што прыводзяць людзей за краты: алкагалізм, хатні гвалт, сірочасць, беднасць, залежнасці: «Я пабачыла, як уплывае алкагалізацыя на грамадства, на паводзіны людзей. Я шмат размаўляла з жанчынамі і з вялікім здзіўленнем зразумела: наколькі ж распаўсюджаны хатні гвалт! Калі гвалт — гэта звычайная частка жыцця…».
Большасць з жанчын у калоніі ў сваёй бацькоўскай або ва ўласнай сям’і сутыкаліся з рознымі формамі гвалту. Гэта вельмі распаўсюджаная з’ява ў грамадстве, калі мужчына б’е жанчыну або дзеці жывуць ва ўмовах бясконцага гвалту.
Ларыса расказвае і пра так званых «абавязаных асобаў», бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў і вымушаных кампенсаваць дзяржаве ўтрыманне дзяцей: «Гэта проста замкнёнае кола. Людзі не могуць выбрацца з даўгоў, пастаянна вяртаюцца ў сістэму. Фактычна, яны становяцца вечнымі рабамі гэтай сістэмы».

Чытайце таксама: «Не могу привыкнуть, что можно выйти на улицу в любое время». История бывшей политзаключенной Екатерины Зарецкой
«Вырвалі з глебы, дзе было мае месца»
Пра родны горад Ларыса гаворыць з асаблівай цеплынёй. У Гомелі яна пражыла ўсё жыццё: «Я сумую па Гомелі. Па сваёй хаце. Па сябрах. Па бацьку. Па сваім сабаку. Калі з’явілася пагроза страціць магчымасць жыць дома, бачыць сваіх родных і сяброў, тады я зразумела, што насамрэч была даволі шчаслівым чалавекам. Як шмат у мяне было!»
«Я жыла ў добрай хаце, магла кожны дзень гуляць са сваім сабакам. Побач былі бацькі, сябры. Усё гэта было сапраўды цудоўна. Мне не было на што наракаць. Былі мары і жаданні, але ў цэлым я жыла добра. Я ніколі не збіралася з’язджаць. Мяне проста вырвалі з той глебы, дзе было маё месца», — кажа беларуска.
Жыццё ў Польшчы Ларыса ўспрымае як часовую і вымушаную паўзу: «Я не звязваю сваю будучыню з гэтай краінай. Я не хачу тут укараняцца. Я чакаю моманту, калі змагу вярнуцца дадому».
Калі пасля вызвалення жанчыну вывезлі з Беларусі, яна ўспрыняла гэта не як вызваленне, а як працяг рэпрэсій: «Гэта стоадсоткавае пакаранне для мяне. І стоадсоткавая несправядлівасць. У беларускім заканадаўстве няма працэдуры, якая дазваляла б рабіць такое легальна. Але здзіўлення гэта ў мяне не выклікае, бо я ведаю, што такое дыктатура, што такое аўтарытарны рэжым».
Зараз Ларыса Шчыракова у чаканні міжнароднай абароны. Яна трапіла пад Дублінскую працэдуру, таму што вывезлі палітзняволеных у Літву, а абарону яна просіць у Польшчы. Наперадзе — суд. І Ларысу можа чакаць дэпартацыя ў Літву.
«Я даволі доўга чакаю гэтага суда, але не хвалююся з-за яго. Як будзе, так будзе. Пасля таго, як нас адвезлі ў Літву, я зразумела, што не хачу там жыць, бо не ведаю літоўскай мовы. У Польшчы мне з мовай лягчэй. Я жыву цяпер у Беластоку, езджу ў этнаграфічныя экспедыцыі і шмат размаўляю з людзьмі», — кажа Ларыса.

Жаноцкасць «на паўзе»
Ларыса расказвае, што падчас зняволення практычна перастала займацца сваёй знешнасцю. Доўгія валасы, якія заўважаюць людзі і часта робяць кампліменты, яна проста вырашыла не стрыгчы: «Я ўвесь час заплятала валасы ў касу і насіла хустку. Свядома выбрала кнігі і навучанне замест турбот пра выгляд. Нібыта адклала сваю жаноцкасць на потым».
Турэмнае адзенне, ватоўкі, цяжкія боты дадаткова пазбаўлялі магчымасці выглядаць так, як хочацца: «Я думала, што лепш пачытаю кнігу ці павучу замежную мову, чым буду марнаваць час на валасы. У тых умовах я не адчувала сябе жанчынай. Я разумела, што ўсё роўна не змагу сабе падабацца».
Жыццё як на мінным полі
Ларыса расказвае, што адным з самых цяжкіх выпрабаванняў стала перманентнае псіхалагічнае напружанне: «Ты ўвесь час жывеш як на мінным полі. У калоніі ёсць мноства правілаў, за парушэнне якіх можна атрымаць спагнанне: няправільна падпісаныя прадукты ў халадзільніку, «лішні» пачак гарбаты, шклянка «не на сваім месцы». Нагодай для пакарання магла стаць любая дробязь. І ты ніколі не ведаеш, за што табе можа «прыляцець»».
Да гэтага дадавалася поўная адсутнасць асабістай прасторы: «Ты ніколі не бываеш адна! Гэта калектыў, дзе ўсе ва ўсіх навідавоку. Усе ўсіх абмяркоўваюць. Даволі таксічнае асяроддзе. У атрадзе магло быць каля васьмідзесяці пяці чалавек, і ўсе вельмі шчыльна жывуць побач. Праз гэта ўзнікае моцнае эмацыйнае напружанне».
«У мяне была такая асацыяцыя: быццам ты ўдзельнічаеш у квэсце або знаходзішся ў «пакоі страху», дзе ніколі не ведаеш, з якога боку цябе зараз нехта напалохае. Заходзіш у нейкае памяшканне — і ўжо чакаеш, што зараз высветліцца, нібыта ты нешта зрабіла няправільна і на цябе адразу накінуцца з папрокамі. Куды б ні пайшла, заўсёды ёсць рызыка парушыць нейкае дробнае правіла. Таму сапраўды адчуваеш сябе так, нібы ідзеш па мінным полі», — успамінае жанчына.

Рапарт за шэсць цукерак
Ларыса атрымлівала перадачы ад сям’і і магла нешта купляць у турэмнай краме. Але многія жанчыны ў калоніі былі пазбаўлены нават самых простых рэчаў: «Былі людзі, у якіх не было літаральна нічога: ні гарбаты, ні печыва, ні цукру. Я дапамагала некаторым, нягледзячы на рызыку атрымаць пакаранне. Я проста не магла прайсці міма чалавека, у якога няма нічога! У атрадзе было некалькі чалавек, якім я дапамагала рэгулярна».
Але спагнанні ў калоніі яе не абмінулі. Адзін з рапартаў быў складзены за шэсць цукерак, якія яна спрабавала пранесці на вытворчасць. У выніку яе пазбавілі спатканняў з роднымі:
«Калі б я не была палітычнай, на гэта ніхто б нават увагі не звярнуў. Для мяне самым каштоўным былі сустрэчы з блізкімі. За два гады ў мяне было толькі два доўгія спатканні. А на кароткія спатканні да мяне прыязджаў бацька. Сустрэчы доўжыліся менш за чатыры гадзіны. Я прасіла, каб мяне пазбавілі перадач замест спатканняў, але ніхто мяне не слухаў».

Чытайце таксама: «Страх заставляет шевелить лапами и выплывать». История бывшей политзаключенной Татьяны Курилиной
Этнафатаграфія як спосаб дыхаць
Ларыса кажа, што цяпер яна не палітычная актывістка, а фатографка. Яе вялікае захапленне — гэта этнаграфія. Яна аднаўляе традыцыйныя беларускія вобразы, здымае людзей у аўтэнтычных строях і верыць, што ў гэтым — сіла беларускай ідэнтычнасці.
Фатаграфуе Ларыса з дзяцінства. Расказвае, што гэта быў вельмі добры, шчаслівы перыяд: «У дзяцінстве я хацела стаць пісьменніцай, але потым зразумела, што насамрэч пішу не настолькі добра. Марыла быць актрысай, спявачкай. Мяне заўсёды цягнула да творчасці. Маляваць не ўмею, але ў мяне ёсць творчае бачанне, напэўна, гэта перадалося ад бацькі. Я бачу прыгажосць, эстэтыку. Таму і займаюся фатаграфіяй і відэа: у мяне ёсць здольнасць адчуваць і ствараць візуальны вобраз».
«Калі мне было дванаццаць гадоў, бацькі падарылі вельмі дарагі фотаапарат «Зеніт». На той час гэта быў адзін з самых прэстыжных савецкіх брэндаў. Я ўжо тады фатаграфавала, сама праяўляла плёнку, сама друкавала здымкі. Вядома, я марыла пра фатаграфію», — успамінае жанчына.

Да 2020 года ў Ларысы былі дзве мары. І абедзве яна рэалізавала:
«Першая мара была – навучыцца спяваць чыста. У мяне заўсёды былі праблемы з інтанацыяй, але пры гэтым я вельмі люблю спяваць. Проста вельмі-вельмі! Я часта трапляла ў кампаніі, дзе было шмат прафесійных музыкаў, і яны рабілі мне заўвагі, што я спяваю фальшыва. Мяне гэта засмучала. Таму я пайшла займацца вакалам да дзвюх выкладчыц. Адна вучыла мяне акадэмічнаму спеву, а другая — эстраднаму.
Яшчэ была мара — навучыцца граць на гітары. Я таксама займалася з выкладчыкам. Не скажу, што стала выдатнай гітарысткай, але цяпер магу зайграць любімыя рамансы і некалькі любімых песень».

Адна з любімых народных песень Ларысы — «Дробна драбніца». Яе запісаў Яўхім Раманаў у Давыд-Гарадку, у тым рэгіёне, адкуль паходзяць продкі жанчыны. Ларыса кажа, што ёй бліжэйшая сялянская культура: «Гэта мае карані. Мне камфортна ў гэтай культуры, мне падабаецца спяваць нашы песні. Гэта не абавязак, гэта запал».
Нягледзячы на старанні і высілкі, пакуль у Ларысы не атрымліваецца зарабляць на фатасесіях: «Кліентаў вельмі мала, людзі не надта ідуць на фатасесіі. Але я ўпэўненая: калі чагосьці сапраўды хочаш, то абавязкова дасягнеш. Проста трэба лепш працаваць: больш якасна здымаць, лепш прасоўваць свае паслугі, даваць рэкламу ў Instagram, распавядаць пра сябе ў беларускіх суполках у розных гарадах. Шчыра кажучы, пакуль я проста недастаткова ўкладваюся ў гэта».
Калі вы хацелі б фатасэт, напішыце Ларысе ў Instagram.
Пра ўзрост і будучыню
Ларысе 53 гады. Выглядае яна цудоўна і падцягнута. Кажа, што сакрэт просты: здаровы лад жыцця і гены доўгажыхароў — бацька Ларысы ў 91 год актыўна карыстаецца інтэрнэтам: «Спачатку было цяжка бачыць у люстэрку «старую цётку» пасля калоніі. Але цяпер я на стадыі прыняцця. У маёй душы ўсё яшчэ жыве дзіця, якое хоча радавацца жыццю, гуляць у гарах і бачыць мора».
Ларыса марыць вярнуцца ў Гомель, з’ездзіць у Італію і працягваць здымаць беларускую прыгажосць. А пакуль яна вучыцца жыць нанова, эканоміць кожную капейку ў эміграцыі і не губляе надзеі, што яе «зацягнуты квэст» калі-небудзь скончыцца вяртаннем дадому.

Зрабіць данат былай палітзняволенай вы можаце проста зараз — вось тут. Вашая падтрымка дапаможа Ларысе Шчыраковай пакрываць выдаткі на жыццё і адчуваць сябе фінансава больш упэўнена падчас чакання рашэння суда.
Чытайце таксама: «Хочацца, каб мы скарылі ўвесь Беласток сваімі строямі». Ці складана вышыць традыцыйную кашулю сваімі рукамі
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: