Бабруйскую крэпасць дзяржаўныя медыя прэзентавалі як славутасць, якая трапіла ў адзін спіс з Версалем і Лонданскім Таўэрам.
Чытайце таксама: «Яшчэ крыху пачакаюць — і знясуць?»: У Бабруйску працягвае разбурацца найстарэйшы будынак горада
Магілёўскі аблвыканкам паведаміў, што амаль 40 беларускіх замкаў і абарончых збудаванняў «уключылі ў глабальны рэйтынг», а Бабруйская крэпасць нібыта «пакарыла экспертаў з усяго свету».
Аднак згаданы «рэйтынг» мае значна больш простае паходжанне, заўважыла Магілёў.медыя.
Што гэта за спіс
Гаворка ідзе пра Castlemap — інтэрактыўную карту замкаў і абарончых збудаванняў, якую стварае адзін распрацоўшчык з Нарвегіі пад нікам Flightmussy.
Праект выкарыстоўвае адкрытыя крыніцы. Каардынаты і даты бяруцца з Wikidata, фатаграфіі — з Wikimedia Commons, а інфармацыя пра аб’екты — з Вікіпедыі. Як тлумачыў Euronews, аб’ект трапляе на карту пры наяўнасці фатаграфіі, дакладных каардынат і артыкула ў Вікіпедыі.
Паказчык вядомасці аб’екта таксама не з’яўляецца ацэнкай экспертаў. Ён залежыць ад колькасці моўных версій адпаведнага артыкула ў Вікіпедыі і колькасці яго праглядаў.
Таму гаворка ідзе не пра міжнароднае журы, якое параўнала Бабруйскую крэпасць з Версалем ці Таўэрам. Менавіта на аснове гэтага праекта News.by напісала пра беларускія замкі і крэпасці ў «сусветным рэйтынгу», а «Вечерний Брест» — пра тое, што Брэсцкая крэпасць нібыта «абышла» Таўэр і Версаль.

У матэрыяле Магілёўскага аблвыканкама да гэтага дадалося яшчэ і сцвярджэнне пра «экспертаў з усяго свету».
У сюжэце ТРК «Магілёў» экспертаў таксама не паказваюць. Там толькі адзначаюць, што ў спісе знайшлі аб’екты Магілёўскай вобласці. Канкрэтнае месца Бабруйскай крэпасці ў гэтым «рэйтынгу» таксама не называецца.
Тым часам крэпасць прадаецца часткамі
У кантэксце размоваў пра міжнароднае прызнанне помнікаў застаецца пытанне пра стан самой Бабруйскай крэпасці.
На афіцыйнай старонцы Бабруйскага гарвыканкама пазначана, што яшчэ ў 2007–2008 гадах аб’екты крэпасці пачалі прадаваць з аўкцыёна. Планавалася, што пасля гэтага ў іх з’явяцца кафэ, рэстараны, гасцініцы, офісы і забаўляльныя комплексы.
Там жа апісаны планы рэстаўрацыі, разлічаныя спачатку да 2015 года, а затым да 2025-га. Тэрміны мінулі. Яшчэ ў 2018 годзе паведамлялася, што інвестары не праяўляюць цікавасці да помніка.
У 2023 годзе два цагляныя склады Бабруйскай крэпасці, пабудаваныя ў 1820-х гадах, выставілі на продаж са стартавай цаной 37 рублёў за кожны. Як пісаў Onliner, будынкі ў выніку прадалі, аднак «Магілёўаблмаёмасць» не раскрыла ні імя пакупніка, ні выніковую суму.
У 2024 годзе краязнаўчы музей двойчы выстаўляў на продаж яшчэ адзін аб’ект — рэдуіт другога палігона. Двухузроўневы будынак плошчай 545 квадратных метраў з участкам у 45 сотак прапаноўвалі за адну базавую велічыню — 40 рублёў. Умова для будучага ўладальніка — размясціць там рэстаран, кафэ, гандлёвы аб’ект або трэнажорную залу.
Кансервацыя замест рэстаўрацыі
Бюджэтныя сродкі цяпер накіроўваюцца на кансервацыю асобных аб’ектаў.
На трэцім палігоне работы пачаліся ў лістападзе 2024 года. Згодна з пашпартам аб’екта, іх планавалі завяршыць у сакавіку 2025-га. Аднак у верасні 2025 года на варотах па-ранейшаму вісеў пашпарт з ужо пратэрмінаванай датай заканчэння работ. Да таго часу былі спраектаваныя толькі дзве з пяці чаргаў гэтага палігона.
Менавіта гэтыя работы ў сюжэце ТРК «Магілёў» называюць «адраджэннем дзякуючы дзяржпраграме». Белую казарму пры гэтым зноў уключаюць у планы — цяпер на 2026–2030 гады.
Чытайце таксама: У Песках адновяць гатычную браму сядзібы Пуслоўскіх. А што будзе з самой сядзібай?
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: